Ваш гид в законодательстве Республики Беларусь


Печать

Постановление Минобразования РБ 224 04.10.2021 Аб зацвярджэнні вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў

ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

4 кастрычніка 2021 г. № 224

Аб зацвярджэнні вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў

На падставе часткі першай пункта 12 артыкула 167 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1.Зацвердзіць  вучэбную  праграму  факультатыўных  заняткаў  «Гісторыя  Беларусі ў імёнах і падзеях» для IX (XI) класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі (дадаецца).

2.Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

Міністр І.В.Карпенка

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь 04.10.2021 № 224

Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў

 

«Гісторыя Беларусі ў імёнах і падзеях» для IX (XI) класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1.Дадзеная  вучэбная   праграма   факультатыўных   заняткаў   «Гісторыя   Беларусі ў імёнах і падзеях» (далей – вучэбная праграма) распрацавана для вучняў IX (XI) класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі.

2.Дадзеная вучэбная праграма разлічана на 35 гадзін (1 гадзіна ў тыдзень).

3.Мэта –   фарміраваць   веды   і   ўяўленні   аб   славутых   гістарычных   дзеячах і вызначальных падзеях айчыннай гісторыі як кампанентах індывідуальнай і калектыўнай гістарычнай памяці; падрыхтаваць вучняў да выніковай атэстацыі па вучэбным прадмеце

«Гісторыя Беларусі» за перыяд навучання на ІІ (ІІІ) ступені агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама да ўступных іспытаў ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай ці вышэйшай адукацыі.

4.Задачы:

сістэматызацыя і абагульненне кампанентаў вучэбных гістарычных ведаў, якія адлюстроўваюць ролю гістарычных асоб і матывацыю іх сацыяльных паводзін у розных гістарычных падзеях;

сацыялізацыя асобы вучняў праз фарміраванне гістарычнай памяці як сукупнасці ўяўленняў і ведаў беларускага соцыуму аб агульным мінулым і як асновы пачуцця гонару за культурна-гістарычныя дасягненні беларускага народа;

фарміраванне гістарычнай эмпатыі як умення аднаўляць вобраз думак, перажываннняў, настрою людзей мінулага з пазіцыі ўласцівай іх гістарычнаму часу сістэмы каштоўнасцей.

5.Рэкамендуемыя формы і метады навучання: арганізацыя самастойнай практыка- арыентаванай дзейнасці вучняў па засваенні зместу праз фарміраванне адпаведных уменняў, звязаных з арыентацыяй у вучэбным інфармацыйным асяроддзі.

6.Вучні, якія засвоілі змест дадзенай вучэбнай праграмы, павінны:

6.1.ведаць славутых гістарычных дзеячаў і вызначальныя падзеі айчыннай гісторыі;

6.2.умець:

складаць вуснае сюжэтнае апавяданне аб дзейнасці асобы ў гісторыі;

 

аналізаваць твор мастацтва, прысвечаны гістарычнай асобе; праводзіць персаніфікацыю гістарычнай асобы;

тлумачыць прычынна-выніковыя сувязі паміж прычынамі і вынікамі дзейнасці гістарычных асоб;

ацэньваць ролю гістарычных асоб і дзеячаў культуры і характарызаваць матывацыйную аснову іх дзейнасці;

удакладняць з дапамогай дакументаў і матэрыялаў пазіцыі іх аўтараў;

адрозніваць гістарычныя факты ад іх інтэпрэтацый, прадстаўленых у навуковых даследваннях і творах мастацтва;

тлумачыць розныя ацэнкі ролі гістарычных асоб і прычыны разнастайнасці іх поглядаў;

супастаўляць і тлумачыць розныя пункты гледжання сведкаў і нашчадкаў гістарычных падзей;

ажыццяўляць пошук, збор, сістэматызацыю і абагульненне інфармацыі, неабходнай для характарыстыкі дзейнасці гістарычных асоб.

ГЛАВА 2

ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА МАТЭРЫЯЛУ

IX (XI) клас (35 гадзін) Уводзіны (1 гадзіна)

Паняцце   гістарычнай   памяці.   Дыскусіі   гісторыкаў   па   пытанні   ролі   чалавека ў гісторыі. Сутнасць прыёма комплекснай гісторыка-мастацкай характарыстыкі вывучаемых падзей і іх удзельнікаў. Алгарытм работы з матэрыяламі дадзенай вучэбнай праграмы, прысвечанымі гістарычным персаналіям.

Гісторыя Беларусі са старажытных часоў да сярэдзіны XIII стагоддзя (3 гадзіны)

Першабытныя людзі на тэрыторыі Беларусі: рэканструкцыя вобраза. Эвалюцыя чалавека ад неандэртальца да краманьёнца: погляды вучоных. Роля першабытнага чалавека ў асваенні тэрыторыі Беларусі, стварэнне ім помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры.

Рэканструкцыя вобраза жыцця першабытных людзей па апісаннні заняткаў і прылад працы, адзення, зброі, упрыгожванняў.

Князі Полацкага княства ў ІХ–ХІ стагоддзях. Прадстаўнікі ўсходнеславянскіх плямён   на тэрыторыі   Беларусі:   рэканструкцыя   вобраза.   Узаемаадносіны   полацкіх і кіеўскіх княжацкіх дынастый у час існавання Старажытнарускай дзяржавы Кіеўская Русь. Рагвалод і Рагнеда. Рагнеда і вялікі кіеўскі князь Уладзімір. Ізяслаў – сын Рагнеды. Княжанне  Брачыслава   Усяславіча.   Роля   князя   Усяслава   Брачыславіча   (Чарадзея) у замацаванні самастойнасці Полацкага княства ва ўмовах феадальнай усобіцы. Княжацка-вечавы лад у Полацку. Дзейнасць веча і роля князя.

Рэканструкцыя аблічча прадстаўніка аднаго з усходнеславянскіх плямёнаў на тэрыторыі Беларусі.

Вызначэнне ролі полацкіх князёў на шляху «з варагаў у грэкі». Суаднясенне легендарных звестак аб Усяславе Чарадзеі з дакументальнымі крыніцамі.

Рэлігійна-асветніцкія дзеячы беларускіх зямель у ХІІ–ХІІІ стагоддзях. Святая Еўфрасіння Полацкая: выбар жыцця на карысць служэння Богу і асветніцкая дзейнасць. Пачытанне Еўфрасінні Полацкай як святой. Рэлігійны подзвіг Кірылы Тураўскага. Маральныя і грамадскія ідэалы асветніка. Хрысціянскі антрапацэнтрызм Кірылы Тураўскага ў прытчы пра кульгавага і сляпога.

Вызначэнне матывацыі рэлігійных паводзін Еўфрасінні Полацкай. Вызначэнне сутнасці маральных поглядаў Кірылы Тураўскага па матэрыялах яго прытч.

Гісторыя Беларусі ў другой палове ХІІІ – першай палове XVI стагоддзя (4 гадзіны)

Князі Вялікага Княства Літоўскага (далей – ВКЛ) у другой палове ХІІІ – сярэдзіне XIV стагоддзя.  Летапісныя  звесткі  пра  Літву  і  князя  Міндоўга.  Каранацыя  Міндоўга ў Навагрудку. Умацаванне вялікакняжацкай улады пры Гедыміне і яго прынцып дзяржаўнага кіравання. Умацаванне дзяржавы пры Альгердзе.

Характарыстыка палітыкі князёў ВКЛ у дачыненні да ўсходнеславянскага насельніцтва.

Ягайла і Вітаўт: узаемаадносіны ў час Крэўскай уніі і Грунвальдскай бітвы. Барацьба Ягайлы за вялікае княжанне. Ягайла і Андрэй Полацкі. Крэўскае пагадненне як персанальная унія. Роля Ягайлы ў працэсах паланізацыі і акаталічвання беларускіх зямель. Пазіцыя Вітаўта па забеспячэнні самастойнасці ВКЛ у час унутрыпалітычнай барацьбы з Ягайлам. Матывацыя Вітаўта ў справе атрымання каралеўскай кароны. Роля Ягайлы і Вітаўта  як  удзельнікаў  Грунвальдскай  бітвы.  Погляды  гісторыкаў  на ролю  Ягайлы і Вітаўта.

Вызначэнне матывацыйнай асновы палітычнага выбару вялікага князя літоўскага Ягайлы.

Складанне сюжэтнага аповеду аб тактыцы Ягайлы і Вітаўта ў час Грунвальдскай бітвы з апорай на дакументальныя крыніцы і матэрыялы мастацкай літаратуры.

Характарыстыка Вітаўта як дзяржаўнага дзеяча.

Мікола Гусоўскі і яго «Песня пра зубра». Прадстаўнік лацінамоўнай паэзіі. Матывы творчасці. Сюжэты гісторыі і прыроды роднага краю ў паэме «Песня пра зубра». Погляды даследчыкаў па пытанні малой радзімы (паходжання) М. Гусоўскага.

Вызначэнне матываў творчасці М. Гусоўскага.

Францыск  Скарына  і   выданне   кніг   Бібліі.   Погляды   і   друкарская   дзейнасць Ф. Скарыны як прыклад служэння свайму народу. Ф. Скарына як гуманіст і асветнік. Грамадзянская мужнасць Ф. Скарыны. Талерантная пазіцыя Ф. Скарыны. Велічнасць постаці Ф.Скарыны.

Вызначэнне  маральнасці  і  патрыятызму  Ф.  Скарыны  па  тэкстах  яго  выданняў.

Характарыстыка Ф. Скарыны як сімвала беларускага этнасу.

Гісторыя Беларусі ў другой палове XVI–XVIII стагоддзяў (8 гадзін)

Леў Сапега і яго роля ў захаванні самастойнасці ВКЛ ва ўмовах Люблінскай уніі. Л. Сапега як палітычны і дзяржаўны дзеяч і прыхільнік ідэі афармлення прававой дзяржавы. Пазіцыя Л. Сапегі па пытанні захавання самастойнасці ВКЛ ва ўмовах уніі з Польшчай. Рэдагаванне і прыняцце III Статута ВКЛ як прыклад  кадыфікацыі сацыяльных адносін. Намеры Л. Сапегі ў міжнародных стасунках у «Смутны час». Пазіцыя Л. Сапегі ў працэсе распаўсюджвання ўніяцтва.

Вызначэнне пазіцыі Л. Сапегі ў захаванні самастойнасці ВКЛ і яго ролі ва ўсталяванні талерантных адносін у тагачасным грамадстве.

Жыгімонт ІІ Аўгуст і Барбара Радзівіл: палітыка і каханне. Месца і роля Жыгімонта ІІ Аўгуста ў дынастыі Ягелонаў. Пазіцыя Боны Сфорцы і Мікалая Радзівіла Чорнага ва ўзаемаадносінах   Жыгімонта   ІІ   Аўгуста   і   Барбары   Радзівіл.   Роля   Боны   Сфорцы і Жыгімонта ІІ Аўгуста ў правядзенні «Валочнай памеры». Адлюстраванне легенд аб гісторыі крыжовых паходаў, геральдыкі італьянскага горада Мілана ў гарадскім гербе Пружан у час надання яму Магдэбургскага права.

Суаднясенне легендарнай гісторыі і дакладных гістарычных звестак аб узаемаадносіах Жыгімонта ІІ Аўгуста і Барбары Радзівіл.

Сымон Будны і рэфармацыйны рух у ВКЛ. Рэлігійныя погляды С. Буднага ва ўмовах пашырэння ўплыву каталіцтва і ўціску праваслаўнай царквы. Сутнасць Катэхізіса (Сімвала веры) С. Буднага. Роля С. Буднага ў падрыхтоўцы рэфармавання каталіцкай царквы.  С. Будны  як  адзін  з  прадстаўнікоў  рэфармацыйнага  руху  і  яго  барацьба з Контррэфармацыяй. Кнігавыдавецкая дзейнасць С. Буднага.

Вызначэнне поглядаў С. Буднага на рэфармаванне каталіцкай царквы і грамадства на біблейскіх прынцыпах роўнасці і сацыяльнай справядлівасці.

Сімяон Полацкі і яго ўклад у развіцце рускай культуры. Дзейнаць  Сімяона Полацкага як адлюстраванне агульных пачаткаў у культуры беларускага і рускага народаў. Роля Сімяона Полацкага ў станаўленні рускага тэатра. Сімяон Полацкі як настаўнік і асветнік, як першы расійскі прафесійны пісьменнік.

Характарыстыка ўкладу Сімяона Полацкага ў развіццё ўсходнеславянскай культуры і яго гісторыка-культурнай спадчыны. Вызначэнне імя Сімяона Полацкага як сімвала беларускага этнасу ў прасторы міжкультурных стасункаў.

Казімір Лышчынскі і яго погляды на веру чалавека ў Бога. К. Лышчынскі як заснавальнік новых поглядаў на існаванне чалавека. Пазіцыя К. Лышчынскага як адлюстраванне яго грамадзянскай мужнасці ва ўмовах існавання царкоўных дагматаў. Пазіцыяніраванне грамадска-палітычнай думкі К. Лышчынскага як атэістычнай.

Суаднясенне  поглядаў   К.   Лышчынскага   на сутнасць   і   прызначэнне   чалавека ў грамадстве з сучаснымі грамадазнаўчымі канцэпцыямі.

Казімір Семяновіч і яго «Вялікае мастацтва артылерыі». Распрацоўшчык сістэмы залпавага агню з прымяненнем атылерыйскай зброі. Вынаходніцтва К. Семяновічам трохвугольнага крыла як папярэдніцтва сучаснай авіяцыі. Ідэя К. Семяновіча аб шматступенчатай ракеце як прадвесне даследванняў К.Э. Цыялкоўскага і С.П. Каралёва ў стварэнні тэорыі палётаў у космас.

Ацэньванне значнасці адкрыццяў К. Семяновіча для далейшага асваення касмічнай прасторы.

Антоній Тызенгаўз і яго рэформы. А. Тызенгаўз як «вучоны муж». Прыхільнік поглядаў і ідэй французкага асветніка Ж.Ж. Русо, Ж.Э. Жылібера. Актыўны рэфарматар па   пераўтварэнні   сваёй   краіны.    Адукацыйная    дзейнасць    А.    Тызенгаўза.    Роля А. Тызенгаўза ў развіцці матэрыяльнай вытворчасці.

Характарыстыка ролі А. Тызенгаўза ў прапагандзе ідэй Асветніцтва і захаванні самастойнасці Рэчы Паспалітай.

Тадэвуш Касцюшка і яго ўклад у грамадска-палітычныя падзеі ў ЗША і Рэчы Паспалітай. Т. Касцюшка як нацыянальны герой Польшчы і ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі. Уклад Т. Касцюшкі ў абвяшчэнне незалежнасці ЗША. Знаёмства з першым прэзідэнтам ЗША Дж. Вашынгтонам і сяброўства з Т. Джэферсанам. Увасабленне поглядаў і ідэй Т. Касцюшкі ў лозунгу паўстання 1794 г. «Свабода, цэласнасць, незалежнасць».

Вызначэнне ўкладу ўраджэнца Беларусі Т.   Касцюшкі   ў   развіццё   польскай і амерыканскай дзяржаўнасці.

Гісторыя Беларусі канца XVIII – пачатку XX стагоддзя (7 гадзін)

Міхал Клеафас Агінскі як грамадска-палітычны дзеяч на зломе эпох. М.К. Агінскі як прыхільнік ідэй Французскай буржуазнай рэвалюцыіі. М.К. Агінскі як аўтар славутага паланеза «Развітанне з Радзімай». План Агінскага.

Вызначэнне патрыятычнай сутнасці палітычных поглядаў і музыкальнага твора М.К. Агінскага.

Адам Міцкевіч як «геній памежжа культур». Матывы роднага краю ў творчай спадчыне А. Міцкевіча. Пачуццё кахання юнага паэта. Грамадска-палітычныя погляды А. Міцкевіча. Адлюстраванне гістарычных падзей у творах паэта. Вобраз А. Міцкевіча ў творчасці мастака Валенція Ваньковіча.

Характарыстыка пачуццяў А. Міцкевіча па яго творах. Вызначэнне месца творчасці А. Міцкевіча ў польскай і беларускай культурах.

Ігнат Дамейка і Зыгмунт Мінейка – гонар і слава беларусаў за мяжой. Грамадская пазіцыя І. Дамейкі ў гістарычных падзеях першай паловы ХІХ стагоддзя. І. Дамейка як вучоны з сусветным імем. «Вялікі асветнік» і ганаровы грамадзянін Чылі. Ідэалы свабоды, незалежнасці  і  справядлівасці  як  матывацыйная  аснова  грамадска-палітычнай  пазіцыі

З. Мінейкі. З. Мінейка як аматар старажытнагрэчаскай гісторыі і ганаровы грамадзянін Грэцыі.

Вызначэнне значнасці постаці І. Дамейкі для стварэння іміджа беларусаў за мяжой. Характарыстыка прагматызму і рамантызму, якія спалучаліся ў дзейнасці З. Мінейкі. Вікенцій  Канстанцін  Каліноўскі  як  прыхільнік  ідэі  сацыяльнай  справядлівасці.

Месца і роля В.К. Каліноўскага ў паўстанні 1863 г. В.К. Каліноўскі як рэвалюцыянер- дэмакрат. Погляды В.К. Каліноўскага як матывацыйная аснова яго сацыяльных дзеянняў.

«Мужыцкая   праўда»   В.К. Каліноўскага.   Ацэнка   беларускімі   гісторыкамі   дзейнасці і поглядаў В.К. Каліноўскага. Ідэі В.К. Каліноўскага аб узаемаадносінах улады і народа ў дзяржаўным будаўніцтве Рэспублікі Беларусь.

Вызначэнне сутнасці ідэй В.К. Каліноўскага і іх актуальнасці ў сучаснай практыцы сацыяльных адносін.

Францішак  Багушэвіч  і  яго  духоўны  запавет.  Роля  Ф.  Багушэвіча  ў  станаўленні і захаванні беларускай літаратурнай мовы. Гісторыя псеўданіма Ф. Багушэвіча. Літаратурная дзейнасць Ф. Багушэвіча як адлюстраванне ідэі захавання і адраджэння беларускай мовы.

Вызначэнне характару закліку Ф. Багушэвіча да захавання роднай мовы і культуры як аднаго з фактараў самаідэнтыфікацыі беларускага этнасу.

Вобраз Марка Шагала і яго твораў як адлюстраванне іміджу Беларусі па-за яе межамі. Любоў да роднага  краю  і  каханне  як  матывы  творчасці  М.  Шагала.  Месца М. Шагала ў культурна-гістарычным асяроддзі Віцебска  як  творчага  цэнтру  пачатку ХХ  стагоддзя.  Мастацкі  водгук  М.  Шагала  на падзеі  Кастрычніцкай   рэвалюцыі 1917 г. Пачуццё настальгіі аб родным краі ў палотнах мастака. Сусветнае прызнанне творчасці мастака па-за межамі Радзімы.

Вызначэнне месца творчасці М. Шагала ў сучасным культурна-гістарычным асяроддзі Беларусі і магчымасцей аднаўлення яго імя як сімвала беларускага грамадства.

Янка Купала і Якуб Колас: прыклад самаадданага служэння Бацькаўшчыне. Іван Дамінікавіч Луцэвіч і Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч: складанасць жыццёвага і творчага шляхоў. Матывы клопату класікаў нацыянальнай літаратуры аб захаванні і развіцці самабытнай беларускай народнай культуры. Адлюстраванне вобразаў простых людзей і іх жыцця ў складаных гістарычных умовах у творчасці Я. Купалы і Я. Коласа. Літаратурная спадчына Я. Купалы і Я. Коласа як прыклад годнасці і ўдзячнасці да продкаў, любові да роднага краю.

Вызначэнне сацыяльных матываў у творчасці Я. Купалы і Я. Коласа. Характарыстыка поглядаў Я. Купалы і Я. Коласа ва ўмовах існавання савецкай грамадска- палітычнай сістэмы.

Гісторыя Беларусі 1917–1945 гады (5 гадзін)

Пачынальнікі беларускай дзяржаўнасці. Усебеларускі з’езд як пачатак  рэалізацыі ідэі нацыянальнай беларускай дзяржаўнасці. Іныцыятары абвяшчэння Беларускай Народнай    Рэспублікі    (А.І.    Луцкевіч,    А.А. Смоліч).    Пазіцыі    З.Х. Жылуновіча, А.Р. Чарвякова па пытанні стварэння беларускай савецкай дзяржавы. Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь як першая нацыянальная форма беларускай дзяржаўнасці.

Вызначэнне супярэчнасці і пераемнасці ў пазіцыях прадстаўнікоў розных палітычных накірункаў па пытанні афармлення беларускай дзяржаўнасці.

Беларускія гісторыкі: уклад  у навуку  і  грамадска-палітычнае  развіццё.  Погляды В. Ластоўскага на этнагенез беларусаў. Праекты афармлення беларускай дзяржаўнасці. Палітычная дзейнасць В. Ластоўскага. Намаганні В. Ластоўскага па адраджэнні культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі. У. Ігнатоўскі як прадстаўнік беларускай гістарычнай навукі. Уклад У. Ігнатоўскага як старшыні Інстытута беларускай культуры ў рэалізацыю палітыкі беларусізацыі. У. Ігнатоўскі – першы прэзідэнт Беларускай акадэміі навук. Трагічнасць жыццёвага лёсу У. Ігнатоўскага.

Характарыстыка навуковай і грамадска-палітычнай дзейнасці беларускіх навукоўцаў-гісторыкаў у яе ўзаемасувязі.

Леў Выгоцкі і Аляксандр Чыжэўскі: інавацыйны характар навуковых адкрыццяў. Л.С. Выгоцкі і яго культурна-гістарычная тэорыя. Уклад А.Л. Чыжэўскага ў развіццё псіхалогіі. А.Л. Чыжэўскі – заснавальнік геліябіялогіі і гістарыяметрыі. Сутнасць навуковых поглядаў А.Л. Чыжэўскага ў даследванні перыядычнасці сусветна-гістарычнага працэсу. Роля вынаходніцтваў А.Л. Чыжэўскага ў фарміраванні сучаснага культурна- гістарычнага асяроддзя.

Характарыстыка культурна-гістарычнай тэорыі Л.С. Выгоцкага пры рэалізацыі прынцыпаў развіццёвага навучання.

Вызначэнне ўплыву вынаходніцтваў А.Л. Чыжэўскага на развіццё сучаснага грамадства.

Браніслаў Тарашкевіч і Язэп Драздовіч: уклад у развіццё культурна-гістарычнай спадчыны   беларускага   народа.    Адлюстраванне    ў    жыццёвым    лёсе    і    дзейнасці Б. Тарашкевіча і Я. Драздовіча гістарычнага развіцця беларускага этнасу ва ўмовах яго знаходжання ў складзе Польшчы. Спалучэнне адукацыйнага і грамадска-палітычнага кірункаў  у дзейнасці  Б.  Тарашкевіча  ў  Заходняй  Беларусі.  Я.  Драздовіч  як  адзін з пачынальнікаў нацыянальнага гістарычнага жывапісу. Намаганні Я. Драздовіча па адраджэнні культурна-гістарычнай спадчыны  Беларусі. Сутнасць касмаганічнай тэорыі Я. Драздовіча. Ацэнка арыгінальнасці постаці Я. Драздовіча і нацыянальнага характару яго творчасці.

Характарыстыка культурна-гістарычнай спадчыны Б. Тарашкевіча і Я. Драздовіча як набыткаў беларускага народа ў развіцці духоўнай культуры.

Народны герой дзед Талаш. Удзел В.І. Талаша ў барацьбе супраць акупантаў у час грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Дзед Талаш як прадстаўнік беларускага народа. Адлюстраванне дзейнасці Талаша ў аповесці Я. Коласа «Дрыгва».

Характарыстыка менталітэту беларускага народа на прыкладзе жыцця дзеда Талаша. Гісторыя Беларусі ў другой палове 1940-х гадоў – пачатку XXI стагоддзя (7 гадзін)

Кірыла Мазураў і Петр Машэраў: удзел у барацьбе з ворагам і ўклад у станаўленне пасляваеннай індустрыяльнай Беларусі. Дзейнасць па арганізацыі і кіраўніцтве партызанскім і патрыятычным падпольным рухамі як адлюдстраванне ўсенароднага характару барацьбы беларускага народа ў час Вялікай Айчынай вайны. К.Т. Мазураў – першы беларус на пасадзе першага сакратара Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларусі ў пасляваенны час. Асабістыя якасці К.Т. Мазурава і П.М. Машэрава і іх асабістыя пазіцыі ў грамадска-палітычнай дзейнасці. Крыніцы народнай  павагі  да К.Т. Мазурава і П.М. Машэрава.

Вызначэнне К.Т. Мазурава і П.М. Машэрава як дзеячаў, якія сімвалізуюць сабой лепшыя якасці беларускага народа.

Іван Мележ і Іван Шамякін як апавядальнікі гістарычных лёсаў  беларусаў. Мастацкае ўвасабленне шматлікіх гістарычных падзей у творчасці беларускіх пісьменнікаў. Трылогія І. Мележа «Палеская хроніка» як адлюстраванне лёсу беларускага сялянства ў 1920–1930 гадах на Палессі і роздум над гісторыяй беларускага народу. Лёсы пакалення,  якое   прайшло   праз   цяжкія   выпрабаванні   Вялікай   Айчыннай   вайны, у літаратурнай дзейнасці І. Шамякіна. Раскрыццё праблем Чарнобыля. Гістарычныя сюжэты ў творах І. Шамякіна.

Вызначэнне  ролі   мастацкага   асэнсавання   пісьменнікамі   грамадскіх   працэсаў у фарміраванні гістарычнай памяці свайго народа.

Алесь  Адамовіч  і  Васіль  Быкаў:  спалучэнне  творчых  і  грамадзянскіх  пачаткаў у дзейнасці. Адлюстраванне трагічнага і гераічнага ў лёсах прадстаўнікоў беларускага народу ў час барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў творах пісьменнікаў. Грамадская    пазіцыя    А.    Адамовіча     па     пытанні     галоснасці     вынікаў     аварыі на Чарнобыльскай  АЭС  як  тэхнагеннай  катастрофы.  В.  Быкаў  як  удзельнік  Вялікай Айчыннай  вайны  і  сведка  гістарычных  падзей.  Пазіцыя  В.  Быкава  па  адраджэнні гістарычнай памяці беларускага народа.

Вызначэнне грамадскай пазіцыі А. Адамовіча і В. Быкава пры асэнсаванні і творчым адлюстраванні імі жыццёвых лёсаў прадстаўнікоў беларускага народа.

Уладзімір Караткевіч як захавальнік гістарычнай памяці беларускага народа. Шматвобразнасць гістарычных сюжэтаў у творчасці У. Караткевіча. Раскрыццё духоўнага свету беларусаў і сувязі іх асабістага лёсу з лёсам Бацькаўшчыны. Любоў да Радзімы ў творах У. Караткевіча.

Вызначэнне рамантычных, фальклорна-легендарных пачаткаў пры асэнсаванні мінуўшчыны ў творчасці У. Караткевіча.

Уладзімір Мулявін як прадстаўнік беларускай музычнай культуры. Адлюстраванне фальклорна-этнагарфічных матываў і тэмы Вялікай Айчыннай вайны ў песеннай творчасці У. Мулявіна. Роля У. Мулявіна ў прафесійным станаўленні рэпертуару вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры». Творчасць У. Мулявіна як увасабленне любові да Беларусі.

Вызначэнне патрыятычных матываў у музычнай творчасці У. Мулявіна.

Міхаіл Савіцкі: жыццёвы лёс і яго адлюстраванне ў творчасці мастака. Мастацкае ўвасабленне жахаў фашысцкіх канцлагераў  і  сілы  духа  іх  вязняў  у цыкле  карцін М. Савіцкага «Лічбы на сэрцы». Вобраз маці-партызанкі ў мастацкім цыкле «Беларусь партызанская». Адлюстраванне чарнобыльскай трагедыі ў цыкле карцін «Чорная быль». М. Савіцкі як патрыёт сваёй Радзімы.

Вызначэнне кодэксу гонару мастака, які ўвасоблены ў яго карцінах.

Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка – першы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Роля кіраўніка дзяржавы ў вызначэнні стратэгічнага курсу развіцця краіны на рубяжы стагоддзяў. Выбар кірункаў грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця. Уклад А.Р. Лукашэнкі ў станаўленне і развіццё беларускай суверэннай дзяржавы. Пазіцыя Прэзідэнта   Рэспублікі   Беларусь   у пераадоленні   ўнутрыпалітычных   супярэчнасцей і фарміраванні прававой дзяржавы. Вызначэнне вектараў знешнепалітычнага развіцця.

Характарыстыка ролі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у пераадоленні крызісных з’яў і стварэнні перадумоў стабільнага развіцця краіны.


Другие НПА

Решение Минский горисполком №3023 от 14.10.2021 Об изменении решения Минского городского исполнительного комитета от 30 октября 2020 г. № 3490 Решение Ляховичский райисполком №1203 от 11.10.2021 Об установлении средних нормативов потребления тепловой энергии на отопление и подогрев воды Решение Брестский горисполком №1328 от 11.10.2021 Об установлении нормативов фактического потребления тепловой энергии за август 2021 года Решение Столинский райисполком №2376 от 13.10.2021 Об установлении брони нанимателям на 2022 год Решение Ивацевичский райисполком №1281 от 11.10.2021 Об установлении средних нормативов потребления тепловой энергии на отопление 1 квадратного метра общей площади жилых помещений Решение Березовский райисполком №1438 от 13.10.2021 Об определении объектов и видов выполняемых общественных работ Решение Ивацевичский райисполком №1327 от 20.10.2021 Об установлении брони нанимателям для приема на работу граждан на 2022 год Решение Витебский райисполком №1540 от 01.10.2021 Об установлении брони для приема на работу отдельных категорий граждан на 2022 год Решение Жлобинский райисполком №3542 от 22.10.2021 Об установлении брони для приема на работу отдельных категорий граждан на 2022 год Решение Чечерский райсовет №186 от 21.10.2021 О делегировании полномочий